Беларуская Служба

Вашынгтон і Канбера імкнуцца да  зніжэння залежнасці ад кітайскіх сыравінных паставак

27.10.2025 18:32
Аўстралія валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі золата, жалезнай руды, літыю, урану, нікелю і іншых ключавых рэсурсаў.
Ілюстрацыйны здымакObraz Chris z Pixabay/CC0

ЗША і Аўстралія зрабілі першы крок да зніжэння залежнасці Захаду ад кітайскіх сыравінных паставак. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер Аўстраліі Энтані Албаніз падпісалі ў Вашынгтоне пагадненне, паводле якога ў аўстралійскія праекты па здабычы і перапрацоўцы стратэгічных металаў будзе інвеставана да 8,5 млрд долараў. Першыя ініцыятывы ўжо ацэньваюцца ў 2,2 млрд — іх фінансуе амерыканскі Export-Import Bank, пішуць на польскім партале biznesalert.pl.

Мэта пагаднення — стварыць альтэрнатыву кітайскай дамінацыі ў пастаўках металаў, неабходных для абароны, вытворчасці і «зялёнай» энергетыкі. Як адзначаюць аналітыкі, Захад толькі пачынае яе «стартаваць», у той час як Кітай ужо прайшоў большую частку дыстанцыі.

Пагадненне атрымала шырокі водгук на канферэнцыі IMARC у Сіднэі, дзе прадстаўнікі галіны назвалі яго знакам таго, што Захад нарэшце ўсвядоміў патрэбу ў самастойнай сыравіннай стратэгіі.

Аўстралія валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі золата, жалезнай руды, літыю, урану, нікелю і іншых ключавых рэсурсаў. На здабычы і экспарце карысных выкапняў краіна зарабляе каля 415 млрд аўстралійскіх долараў у год, што складае 13,4% яе эканомікі.

Кітай жа працягвае актыўна інвеставаць у аўстралійскія кампаніі, захоўваючы ўплыў на мясцовы рынак. Каб пераламаць гэтую залежнасць, Аўстраліі і ЗША спатрэбяцца не толькі грошы, але і тэхналагічнае, навуковае і лагістычнае партнёрства.

 эж